КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),

клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).

Першым К. з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)